ЛЮБЕМ І ПАДТРЫМЛІВАЕМ СВАЁ, БЕЛАРУСКАЕ!

Нядаўна ў выдавецтве “Традыцыя” выйшаў зборнік пад назвай “Бяседныя песьні”. Укладальнікі гэтага зборніка — вядомы руплівец на ніве беларускай традыцыйнай культуры Сяржук Доўгушаў і Наста Някрасава. Зборнік песень налічвае 80 старонак. Тут прадстаўлены ня толькі тэксты песень (у кірыліцы і лацініцы), але і ноты да іх.

Песьні суправаджалі беларусаў усё жыцьцё, ад калыскі да труны, гэта ёсьць неадемная частка нашай беларускай культуры. Але ў ліхалецьце, калі на Бацькаўшчыне руйнуецца ўсё беларускае, усялякая беларуская традыцыя, наша культура, наша мова, — зьяўленьне на сьвет сьведчаньня народнай творчасьці (у дадзеным выпадку — бяседных песень) мае асаблівую каштоўнасьць для беларусаў.

Бяседныя песьні — частка фальклорнай спадчыны нашага народа, якую мы, беларусы, мусім зьберагчы і захаваць. Сёньня — гэта задача ня з простых, бо любое памкненьне беларуса на Бацькаўшчыне гаварыць па-беларуску, ухваляць нашае, роднае, беларускае, трактуецца як “экстрэмізм”, “тэрарызм” і “нацызм” (тэрміналогія штатных даносчыкаў рэжыму).

Рэжым мы пераможам (пытаньне часу), але сёньня важна захаваць нашыя скарбы ад ворагаў Беларушчыны, каб яны не былі зьнішчаны (бо, на жаль, такіх прыкладаў у нашай гісторыі ня мала). Таму дзякуй усім працаўнікам на ніве Беларушчыны.

Яшчэ хачу заахвоціць усіх беларусаў наведаць і падпісацца на канал “Традыцыя”, дзе мы маем магчымасьць пачуць беларускія сьпевы, пабачыць нашы народныя танцы ў розных гарадах Польшчы, дзе ёсьць беларусы, у тым ліку на Падляшшы, Беласточчыне і нават ў Варшаве на Новым Сьвяце...

Рупліўцы беларускай культуры на канале Традыцыя будуць удзячныя ўсім, хто падтрымае іхнюю творчасьць.

Будзьма разам! Падтрымліваем сваіх! Мы пераможам. Наперадзе вольная Беларусь.

5-ы верасень 2023 г.
Галіна Пазьняк