ШЭСЬЦЕ ЗЛА

За апошнія паўгады назіраюцца сур'ёзныя дзеяньні антыбеларускіх сілаў. Беларускія справы шмат дзе церпяць паразы. Гэта непрыемна, але няроўная барацьба працягваецца і беларускі супраціў не малее.

Ніжэй пра некалькі фактаў перавагі зла.

1). Дыскрымінацыя і пагроза дэпартацыі беларусаў у Летуве. Антыбеларуская рэальнасьць у Летуве зьвязана перш за ўсё з шкоднай дзейнасьцю групы Франака-Ціханоўскай (“офіса”), з актыўнасьцю расейскай агентуры і з палітычнай няўмеласьцю ўлады кансэрватараў у Летуве.

2). Затармажэньне палітыкі беларускіх вызвольных сілаў ва Украіне. (Нестварэньне Нацыянальнай Рады Бясьпекі).

3). Удар рэжыму Лукашэнкі па мільёнах беларусаў за мяжой шляхам забароны атрыманьня і абмену пашпартоў у консульствах і, фактычна, у рэальнасьці, — пазбаўленьне ўсіх беларускага грамадзянства і грамадзянскіх правоў. Гэта ўдар па нацыі.

Адной з прычынаў, якая прысьпешыла ўдар па нацыі, можа быць помста Лукашэнкі за апантаную і шкодную для Беларусі агітацыю групоўкі “офіса”, спадара Латушкі і інш. “дзеячоў” за ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць беларускай дзяржавы, а таксама правакацыйная раскрутка гэтымі ж асобамі авантурнай прапановы аб стварэньні для беларусаў за мяжой беларускага грамадзянскага пашпарту (што у прынцыпе немагчыма, бо пашпарт прывязаны да дзяржавы, а не да нейкай грамадзкай групы).

Ацэньваючы зьяву ў цэлым, можна засьведчыць, што лукашысты, робячы такое, на сьмерць ненавідзяць Беларускі народ.

Больш дробныя паразы (напрыклад, захоп памяшканьня беларускага моладзевага збору ў Варшаве і інш.) я тут не разглядаю. бо няма сэнсу.


З а ў в а г а

пра ппашпарты. Некаторыя беларусы (асабліва тыя, якія ўсё жыцьцё крычалі пра палітэмігрантаў: “я бы родіны не оставіл”) відаць, яшчэ не зусім разумеюць, што адбылося. А адбылося вось што: ўсіх беларусаў за мяжой адным махам рэальна пазбавілі дзяржавы (якой яны да гэтага, магчыма, не даражылі — “зачэм эта незавісімасьць”), пазбавілі ўсіх грамадзянскіх правоў, доступу да банкаўскіх рахункаў, да ўсёй маёмасьці, нерухомасьці і ўласнасьці на Бацькаўшчыне (якой яны, магчыма, таксама не даражылі, — “зачэм этат язык”).

Цяпер усё будзе залежыць ад добрай волі і ласкі тых краінаў, у якіх беларусы апынуліся, і ад жаданьня ўлады гэтых краінаў выконваць міжнароднае права.

Зазначу, што справа не безнадзейная. Некаторыя прыхільныя для беларусаў краіны маглі б выдаваць ім, напрыклад, спэцыяльныя нацыянальныя пашпарты для іншаземца (прызнаныя ў сьвеце) з забесьпячэньнем усіх грамадзянскіх правоў акрамя права галасаваць і выбіраць ворганы ўлады.

Вядома, можна захаваць і беларускі пашпарт, і маёмасьць, але дзеля гэтага трэба вярнуцца ў акупаваную рэжымную Беларусь, адсядзець у турме, вытрымаць катаваньні, страціць здароўе, а, магчыма і жыцьцё.

Таму лепш змагацца за выжываньне і за свае правы за мяжой, зьвяртацца да ўрадаў краін і ў міжнародныя арганізацыі з заклікам аб дапамозе.

Але самае галоўнае — змагацца з расейскім мордарам, падтрымліваць Украіну і любіць Беларусь. Слава Айчыне!

7 верасень 2023 г.
Зянон Пазьняк